Ты з намі, ты ў сэрцах!
(памяці выкладчыка МДМК імя М.К.Агінскага Спяранскай Ганны Васільеўны)
27 кастрычніка 2016 года ёй бы споўнілася 60 год.
По улице моей который год
Звучат шаги − мои друзья уходят.
Друзей моих медлительный уход
Той темноте за окнами угоден.
Б.Ахмадулина.
Гэтымі словамі вядучая і адна з арганізатараў, Таццяна Іванаўна Мурзіна, пачала канцэрт, прысвечаны памяці любімай настаўніцы, сяброўкі, калегі ‑ Ганны Васільеўны Спяранскай, якая так рана пайшла з нашага жыцця. У зале шмат людзей, у сэрцах якіх яна пакінула часцінку сябе: блізкія, родныя,сябры, тыя, хто памятае і любіць яе.
Увесь вечар, быццам падарункам на імяніны, гучаў яе любімы інструмент − раяль, якому Ганна Васільеўна прысвяціла ўсё сваё жыццё.
А.Глебаў.Адажыа. Выконвае А.Мігура
“Незаменныя людзі ёсць, − кажа загадчык цыклавой камісіі фартэпіяннага аддзялення С.Ю.Шпадарук, – страта вельмі вялікая”. І з гэтым пагодзяцца многія.
Менавіта таму, аддаючы даніну павагі цудоўнаму настаўніку і выдатнаму чалавеку, мы вырашылі ў гэтым артыкуле расказаць пра яе, пра вельмі цікавага чалавека нашага часу.
Ганна Васільеўна Спяранская нарадзілася ў Барысаве, у сям’і ваеннага ўрача. Там жа паступіла ў ДМШ, аднак неўзабаве сям’я пераехала ў Германію, дзе яны і пражылі каля пяці год (недалёка ад Дрэздэна). Пасля вяртання на радзіму, у горад Барысаў, Ганна заканчвае музычную школу і паступае ў Мінскае музычнае вучылішча імя М.Глінкі, якое заканчвае па класе фартэпіяна ў выкладчыка Л.Т.Ліхачэўскай. Кансерваторыю, Ганна Васільеўна, закончыла пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча мастацтва РБ, прафесара В.Л.Рахленкі. З 1980-га года і да канца свайго жыцця працавала ў МДМК імя М.К.Агінскага.
Ганна Васільеўна Спяранская заўсёды была вельмі інтэлігентным чалавекам, як сёння кажуць “блакітнай крыві”. Невыпадкова аднойчы ад блізкіх знаёмых у яе адрас прагучалі наступныя словы:
“Мне кажется не будет слишком странно,
Коль назову её я − донна Анна.
Признайтесь ,есть в её обличии,
Какое-то Сперанское величие!"
Мы разумеем, як мала жывём, калі адыходзяць такія людзі, як Ганна Васільеўна, − цудоўны музыкант, абаяльны чалавек. Па жыцці яна ішла адна, але ніколі не была адзінокай, вакол яе заўжды было шмат творчых людзей. Пералічыць іх усіх немагчыма.
Ёсць людзі, аб павазе і любові да якіх можна гаварыць бясконца. І Ганна Васільеўна, як ніхто іншы, заслугоўвае цёплых слоў і выказанных прысвячэнняў, якія гучалі на працягу ўсяго канцэрта.
Усё жыццё на першым месцы ў Ганны Васільеўны быў раяль, музыка, праца. Яна выпусціла цэлую плеяду цудоўных вучняў. І сёння на гэтай сцэне адзін з іх М.Ялецкі.
Кажучы пра Ганну Васільеўну, нельга не сказаць аб яе незвычайнай сіле волі, аб яе здіўляючым жыццялюбстве: “Яна, ледзьве пачаўшы хадзіць пасля аперацыі, − расказвае Л.Кавалеўская, − імкнулася на дачу, дзе спрабавала дапамагаць на агародзе, і да апошніх дзён вязала адной рукой шалікі родным і блізкім”.
Страчваць такіх людзей, як Ганна Васільеўна Сперанская, горка і бапюча, але ведаць іх, памятаць і паважаць іх вельмі важна і патрэбна.
Напрыканцы канцэрта прагучаў твор Я.Фрэнкеля “Жураўлі", у выкананні вакальнага гуртка пад кіраўніцтвам В.Бялько. Слухаючы гэты твор, здавалася, што Ганна Васільеўна сапраўды ператварылася ў птушку і разам з намі вітае ў гэтай канцэртнай зале.